Размова адбылася на пачатку 2019 г., апублiкавана у часопiсе «Наша вера» у сакавiку (№1 (89) 2019).

***

Інтэрв’ю — гэта звычайна размова тварам у твар, але ў гэты раз хацелася прайсціся побач з чалавекам і пагаварыць, гледзячы з ім у адным напрамку. З кім мы будзем праходжвацца і аб чым гаварыць? Наш суразмоўца— айцец Віктар Жук з Таварыства Езуса, або ордэну езуітаў. Ён нарадзіўся і вырас у Пінску, вучыўся ў звычайнай сярэдняй школе, у 2003 г., пасля заканчэння эканамічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта,уступіў у навіцыят Расійскага рэгіёну Таварыства Езуса ў Навасібірску, дыяканскае пасвячэнне атрымаў 2 красавіка 2013 г. у рымскім касцёле Іль Джэзу (Найсвяцейшага Імя Езуса), 14 жніўня 2014 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

— Айцец Віктар, хацелася б больш даведацца пра Вашае пакліканне. Па заканчэнні школы Вы зрабілі, на першы погляд, вельмі практычны выбар: накіраваліся ў Люблін вывучаць эканоміку. Гэта было ўласнае рашэнне ці нечая падказка?

— Шчыра кажучы, я выбраў эканоміку, таму што тады, напрыканцы 90-х, гэта быў адзін з модных накірункаў. Польскія карані з боку мамы дазволілі паехаць вучыцца ў Польшчу, і ў той час стыпендыя польскага ўраду была карыснаю для небагатай сям’і. Перад гэтым атрымалася паехаць у ЗША, каб год павучыцца ў амерыканскай школе дзякуючы яшчэ адной стыпендыі — з фонду Сораса. Гэта быў вельмі цікавы вопыт.

— Пытанне, што рабіць са сваім жыццём, узнікла пасля атрымання дыплома ці яно было ўжо падчас вучобы ў Любліне?

— Бліжэй да заканчэння вучобы ва ўніверсітэце я адчуў, што эканоміка, кар’ера ў бізнэсе — гэта не маё. Раней былі і іншыя мары, хацелася неяк уладкаваць жыццё, пажадана дзесьці за мяжой. Можна сказаць, што на апошнім курсе я перажыў сваё другое навяртанне — першае адбылося яшчэ ў падлеткавым узросце, калі ў пэўны момант сапраўды паверыў у Бога. Адчуў, што не хапае чагосьці вельмі важнага, і прыйшоў да Бога як марнатраўны сын. У той час вярнуліся думкі пра святарства, якое вабіла яшчэ калі быў міністрантам. Тады, у 2002 годзе, я спачатку пасмяяўся з гэтых дзіцячых мараў, але пакліканне станавілася ўсё мацнейшым, і я зразумеў, што яно ад Бога, хоць я не адчуваў сябе вартым.

— Пакліканне ў ордэн, з назвай якога ў большасці людзей звязаныя супярэчлівыя, адарваныя ад рэальнасці ўяўленні, — гэта крок адвагі ці даверу?

— Чаму езуіты — не магу растлумачыць. Я не ведаў ніводнога езуіта перад уступленнем у ордэн. Напэўна, крыху вабіла слава ордэну, бо чуў пра яго ад знаёмых сясцёр манахіняў, якія жывуць духоўнасцю святога Ігнацыя з Лаёлы — заснавальніка ордэну, да іх належыць і мая родная сястра Вікторыя, якая стала для мяне светлым прыкладам манаскага жыцця. Перад тым як паехаць у прэнавіцыят ордэну ў Маскве, чытаў гісторыю святога Ігнацыя. Яго досвед і перажыванні адгукаліся ў маім сэрцы і здаваліся вельмі блізкімі. Калі перад уступленнем у навіцыят я знаёміўся з духоўнасцю заснавальніка ордэну далей, то яшчэ больш пераканаўся: гэта — маё.

Пра езуітаў са школьных падручнікаў можна даведацца шмат чаго негатыўнага. Таварыства Езуса ў XVII–XVIII стагоддзях мела вялікі ўплыў у Еўропе, перадусім у галіне адукацыі, што аўтаматычна стварала яму непрыяцеляў і нават прывяло да скасавання ордэну на 40 гадоў. Часта негатыўнае стаўленне да езуітаў у той ці іншай культуры залежыць ад агульнага стаўлення да каталіцызму (згадаем прыклад Расіі) ці наогул да хрысціянства (напрыклад, у Францыі пасля рэвалюцыі канца XVIII стагоддзя). Таму трэба вучыцца крытычна ўспрымаць розную інфармацыю.

— Сёлета споўніцца 16 гадоў з часу Вашага ўступлення ў ордэн і 5 гадоў святарства. Добрая нагода азірнуцца на пройдзены шлях. Якой была Вашая фармацыя? Што яна дала? Ці можна сказаць, што яна скончылася?

— Сапраўды, добра азірацца на пройдзены шлях — гэта вельмі адпавядае езуіцкай духоўнасці, дзе шмат увагі надаецца таму, як Бог дзейнічае ў жыцці чалавека ў канкрэтных абставінах, падзеях. Вяртаючыся думкамі ў перыяд фармацыі, я адчуваю вялікую ўдзячнасць за ўсе тыя магчымасці, што атрымаў дзякуючы Таварыству Езуса. Спачатку быў навіцыят у Новасібірску — першы этап выхавання ў далучэнні да духоўнасці ордэну; потым — год вывучэння літаратуры і моваў у Маскве; два гады філасофіі ў Падуі; два гады пастырскай практыкі ў адной з сярэдніх школаў езуітаў у Мілане; вывучэнне тэалогіі ў Рыме (3 гады) і яшчэ 2 гады ў ЗША для тэалагічнай спецыялізацыі па Святым Пісанні. Езуіцкая фармацыя дае перш за ўсё глыбіню — ведаў і вопыту. Выхаванне ўключае ў сябе не толькі вучобу, але і шматлікія выпрабаванні, бо атрыманыя веды правяраюцца на практыцы. Салідная фармацыя неабходная, бо рыхтуе нас да самых розных заданняў і сапраўды трывае ўсё жыццё, але больш інтэнсіўна менавіта падчас вучобы.

— Біблістыка — гэта прыцягненне, якое выявілася адразу ці было вынікам распазнавання?

— Можна сказаць, што і тое, і другое. Імкненне паглыбляць разуменне Святога Пісання я адчуў вельмі рана, яшчэ ў прэнавіцыяце, і яно захавалася на працягу ўсёй фармацыі. Таму, калі гаворка зайшла пра спецыялізацыю для ліцэнцыята па тэалогіі, у мяне не было ваганняў, але канчатковае рашэнне прымаюць настаяцелі, якія ўзважваюць, ці адпавядаюць асабістыя прэферэнцыі езуіта патрэбам ордэну.

— Што змянілася ў Вашым бачанні Таварыства Езуса? Наколькі члены супольнасці ведаюць, чым яно займаецца ў розных кутках свету? З чым можна параўнаць Таварыства Езуса — з сусветам, дзе планеты і сістэмы аддаленыя на вялікія дыстанцыі, або з «габеленам», агульную карціну якога бачыць толькі Бог, але, як сказаў славуты езуіт П’ер Тэйяр дэ Шардэн, «трымценне адной нітачкі адчуваецца ва ўсім палатне»?

— Гэта няпростае пытанне. Сапраўды, у ордэне, які налічвае больш чым 15 тысяч членаў і дзейнічае больш чым у ста краінах, няпроста ведаць, чым займаюцца іншыя. Але, калі я сустракаю сабратоў з розных куткоў свету і іншых культураў, я адчуваю нашу з’яднанасць на вельмі глыбокім узроўні. Цяжка ў некалькіх словах акрэсліць, чым займаюцца езуіты ў розных правінцыях і абставінах, бо для члена Таварыства важны кожны сродак, які вядзе да большай хвалы Божай. Кожны год генеральная курыя выдае штогоднік, у якім змяшчае на ста старонках звесткі, аповеды, ілюстрацыі пра рэаліі нашых місій і апостальскіх ініцыятываў. Мабыць, яго можна лічыць невялічкаю часткаю такога «габелену». Толькі Бог бачыць поўную карціну, але гэта і наша адказнасць, каб адчуваць еднасць і падтрымліваць адзін аднаго ў супольнай місіі — перш за ўсё праз малітву, духоўную лучнасць.

— Хацелася б больш ведаць пра месца Вашай цяперашняй працы. Чым з’яўляецца Інстытут святога Тамаша ў Маскве? І як увогуле праяўляецца прысутнасць езуітаў у Расіі?

— Інстытут святога Тамаша — наш галоўны апасталат у сталіцы Расіі. Апроч акадэміцкіх заняткаў для 35 студэнтаў па напрамках «Вера і дыялог», «Псіхалогія і духоўнасць», мы праводзім мноства мерапрыемстваў — канферэнцыi, лекцыі, духоўныя практыкаванні, кінаклуб, экскурсіі ў музеі і рэлігійныя супольнасці, сустрэчы па бібліядраме і ў літаратурным клубе «BombaCarta», займаемся выданнем кніг і часопіса «Сімвал». Маштаб нашай дзейнасці невялікі, але мы імкнемся быць годнымі прадстаўнікамі каталіцкай тэалогіі ў цэнтры праваслаўя і адначасова весці дыялог з багатай усходняй хрысціянскай традыцыяй.

У Маскве езуіты маюць і іншыя пастырскія служэнні — нядзельная святая Імша для англамоўных вернікаў, споведзі, духоўныя практыкаванні як у самой сталіцы, так і ў іншых месцах, куды нас запрашаюць. Члены Таварыства Езуса служаць таксама ў Новасібірску, Томску, Кіргізіі, якая даручана нам Рымскім Папам. Да гэтай адзінай адміністратыўнай структуры належыць і тэрыторыя Беларусі: на дадзены момант у нашай краіне служаць 2–3 езуіты — у Віцебску і Гродне. Украіна, якая да нядаўняга часу таксама была часткаю гэтай структуры, цяпер адміністратыўна належыць да правінцыі Паўднёвай Польшчы.

— У чым асаблівасці дыялогу, аб якім Вы ўзгадалі?

— Дыялог з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, а таксама рэлігіямі (у першую чаргу з ісламам), з’яўляецца для нас прыярытэтам, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе католікі складаюць меншасць. Дыялог — гэта вельмі складаны працэс, але мы стараемся змяняць сітуацыю, імкнемся перамагаць негатыў, які часцей за ўсё грунтуецца на стэрэатыпах. Наш маскоўскі Інстытут — добры прыклад такога месца, дзе сустракаюцца прадстаўнікі розных веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, лютэране, нават няверуючыя. Адукацыя — магутны сродак супраць негатыву.

Новы імпульс нашым памкненням дала сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла ў Гаване ў лютым 2016 года. Хоць рэакцыя многіх кансерватыўных праваслаўных была вельмі негатыўнаю, аднак ёсць адкрыта настроеныя вернікі як сярод свецкіх, так і сярод духавенства. Калі сустракаеш такіх людзей, робіш нешта разам з імі, гэта прыносіць вялікую радасць і суцяшэнне, дае надзею і матывацыю, каб працаваць на карысць большай еднасці паміж намі, вызнаўцамі Хрыста. Вядома, тут патрэбна вялікая цярплівасць і адкрытасць, гатоўнасць несці наступствы цяжкай гісторыі падзелаў.

— Папа Францішак заклікае езуітаў быць «людзьмі распазнавання», як, зрэшты, і ўсіх хрысціянаў. Але што гэта значыць? Ці можна спадзявацца, не ведаючы асаблівасцяў ігнацыянскай духоўнасці, што падобныя заклікі будуць адпаведна зразуметыя?

— Гэта вельмі добрае пытанне і тэма для паглыблення. Сапраўды, найлепшым чынам зразумець, што́ папа Францішак мае на ўвазе, кажучы пра распазнаванне, можна толькі ў кантэксце ігнацыянскай духоўнасці, гэта значыць той фармацыі, якую атрымаў Папа-езуіт. Таму, я лічу, што мы, сабраты Папы, маем цяпер асаблівую місію: дапамагаць Францішку ўводзіць «культуру распазнавання» сярод вернікаў у Касцёле, раскрываць яе сэнс. У духоўным працэсе распазнавання чалавек ставіць перад сабою мэту шукаць, знайсці і выканаць волю Божую ў сваім жыцці. Бог прамаўляе да нас рознымі спосабамі:  праз словы Святога Пісання, праз голас Касцёла, праз знешнія абставіны, іншых людзей, а таксама як голас, які гучыць у глыбіні сэрца. Вучыцца чуць Божую мову і адказваць Яму штодзённа, прычым не як бязвольныя істоты, а як пакліканыя свабодна супрацоўнічаць у справе будаўніцтва Божага Валадарства, — вось тая цудоўная карціна, пра якую ідзе гаворка. Канешне, святы Ігнацый і яго паслядоўнікі не маюць манаполіі на тое, каб тлумачыць гэтую духоўную рэчаіснасць, і ўсё ж менавіта правілы распазнавання, змешчаныя ў кнізе «Духоўныя практыкаванні» святога Ігнацыя, далі Касцёлу цудоўны сродак, каб разумець заканамернасці духоўнага жыцця і ўмець адпаведна рэагаваць у розных сітуацыях. Гэта вельмі цікавы, захапляльны працэс.

— Часам яго называюць нават «мастацтвам распазнавання». Праз столькі гадоў паглыблення ў ігнацыянскую духоўнасць ці магчыма ахарактарызаваць яе сцісла? Чым яна прыцягвае людзей?

— Я думаю, што ігнацыянская духоўнасць, асновай якой з’яўляецца спадчына самога святогаІгнацыя, развітая шматлікімі яго сынамі на працягу стагоддзяў, адкрывае менавіта тое вымярэнне, у якім чалавек адчувае сваю годнасць як свабодны супрацоўнік Божай ласкі, Божага прагнення для чалавецтва. Гэтая свабода — не заўсёды простая і лёгкая, бо разам з ёю ёсць і адказнасць за тую справу, якую Бог даручае табе, асабіста табе ў канкрэтных абставінах твайго жыцця. Шмат хто ў Касцёле схільны лічыць, што такая пазіцыя даволі небяспечная, бо так нібыта губляецца парадак, яснасць крытэрыяў, павага да традыцыі і іерархіі. Менавіта ў гэтым найчасцей абвінавачваюць папу Францішка. Для некаторых і ён, і самі езуіты — занадта прагрэсіўныя, для іншых жа наадварот — недастаткова прагрэсіўныя, але падобныя «этыкеткі» перашкаджаюць убачыць галоўнае: чалавека ў яго канкрэтнай сітуацыі перад Богам. Не чалавека ідэальнага, а такога, якім ён ёсць на самай справе, з усёй яго веліччу і слабасцю. Калі мы ўважліва чытаем Евангелле, то разумеем, што Езус кліча да сябе менавіта такіх людзей — не дасканалых, а ўсялякіх, тых, якія можа яшчэ не знайшлі Бога, але шчырым сэрцам Яго шукаюць; якія, можа, памыляюцца, і не раз, і не два, як апостал Сымон Пётр, напрыклад, але якія вераць, што Езус — Божы Пасланнік. І гэта ўжо іншае вымярэнне ігнацыянскай духоўнасці: у цэнтры — Езус Хрыстус, які нясе Добрую Навіну чалавецтву, або, лепш сказаць, які сам з’яўляецца гэтаю Добраю Навіною ў жыцці кожнага чалавека. Хрысціянская вера ў гэтым разуменні — гэта асабістыя адносіны з Хрыстом у вельмі дакладным сэнсе гэтых словаў: гэта сапраўдныя, рэальныя адносіны, а не тое, што наша рэлігійнасць у розных формах можа прапанаваць нам як сурагат такіх адносінаў з Хрыстом жывым, — бо Уваскрослым.

— Дазвольце некалькі пытанняў пра Беларусь. Наколькі багатай была наша гісторыя на прысутнасць Таварыства Езуса, настолькі экзатычнай з’яваю, калі можна так сказаць, з’яўляецеся Вы як адзіны ў свеце езуіт з Беларусі. Калі паставіць разам тое, што было і што засталося, рэальнасць выглядае даволі сумна. Ці ўсё ж… лепей казаць аб надзеі? Як, на Вашую думку, езуіты хацелі б вярнуцца ў Беларусь: адразу нейкім сур’ёзным праектам або малымі крокамі?

— Канешне, хацелася б, каб я перастаў быць такой «экзатычнаю з’яваю» і было больш езуітаў з Беларусі. Дзякуючы прысутнасці ў мінулым на землях нашай краіны Таварыства Езуса сапраўды засталіся вельмі значныя яго сляды — доказам з’яўляюцца былыя езуіцкія будынкі ў многіх гарадах. Дасягнуць нечага падобнага ў наш час немагчыма, але ёсць надзея на тое, што ўсё ж такі будуць пакліканні з Беларусі, будзе каму працаваць — тым, хто нарадзіўся тут, хто добра ведае мясцовую рэчаіснасць. З іншага боку, «нацыянальны прынцып» — зусім не адзіны ў Таварыстве Езуса, калі справа тычыцца размеркавання чалавечых рэсурсаў, асабліва ў сітуацыях недахопу людзей у пэўных месцах. Але на дадзены момант, як вядома, духоўным асобам з-за мяжы не вельмі проста атрымаць дазвол на служэнне ў Беларусі, і наш ордэн таксама сутыкнуўся з гэтаю праблемаю ўжо не раз. Цяжка сказаць больш канкрэтна, як можа развівацца прысутнасць Таварыства Езуса ў Беларусі — я бачу прыярытэт у тым, каб езуіты праводзілі ігнацыянскія рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні, бо гэта найбольш каштоўны дар, які мы можам даць рэальна.

— Што магло б даць пашырэнне прысутнасці езуітаў у нашай краіне ва ўмовах беларускай рэчаіснасці, у якой мы жывем сёння як Касцёл?

— На маю думку, менавіта рэкалекцыі ў ігнацыянскім духу ў розных іх формах могуць дапамагчы вернікам дасягнуць больш асабістых адносінаў з Богам. Мне здаецца, што занадта часта вера ў нашым асяроддзі ўспрымаецца як знешнія паводзіны, выкананне нейкіх абавязкаў… Або думка пра Бога і Касцёл выклікае пачуццё віны ў большай ці меншай ступені, пастаяннае ўсведамленне ўласных недахопаў, неадпаведнасці. Канешне, кожнаму з нас патрэбна сталае ачышчэнне, імкненне да свабоды ад граху і ўсяго, што аддаляе ад Бога, але гэта можна няправільна ўспрымаць як наш асабісты высілак, пры дапамозе якога мы нібыта «здабываем» права быць перад Богам, «набываем» нашу годнасць. Святы Ігнацый у духоўных практыкаваннях ставіць чалавека непасрэдна перад Богам і перад Яго любоўю, адзін на адзін з Яго Словам, у якім заключана вялікае абяцанне і пакліканне. Зноў жа, не заўсёды такі працэс будзе лёгкім, але яго варта распачынаць і ісці па гэтым шляху з Богам.

— Вы самі, пэўна, таксама крочыце побач з людзьмі ў якасці духоўнага кіраўніка? Калі не памыляюся, менавіта такі сэнс мае духоўнае кіраўніцтва: не правадырства, а спадарожнічанне на шляху веры? У чым адметнасць ігнацыянскага падыходу да духоўнага кіраўніцтва?

— Згодна з тым, што я сказаў вышэй, духоўнае кіраўніцтва па-ігнацыянску — гэта сапраўды больш спадарожнічанне, суправаджэнне, дзе роля кіраўніка (дарэчы, святы Ігнацый пазбягае гэтага слова) — дапамагчы чалавеку быць у прамых адносінах з Богам, не замяшчаючы самога Бога. На хрысціянскім шляху ёсць месца для катэхізацыі, фармацыі сумлення, але мэта духоўнага кіраўніцтва іншая. Той, хто суправаджае, павінен дапамагаць у распазнанні тых ўнутраных духоўных «рухаў» (як іх называе Ігнацый), якія з’яўляюцца адной з формаў мовы Бога ў жыцці чалавека. Дыялог з іншым чалавекам пры гэтым вельмі важны, што пацвярджаецца стагоддзямі хрысціянскай традыцыі, бо калі чалавек застаецца сам-насам з сабою ў духоўнай рэчаіснасці, гэта можа прывесці да вельмі небяспечных сітуацый. Тым не менш, прыярытэт застаецца за адносінамі «Бог — чалавек», а не «кіраўнік — духоўны падначальны».

— Што яшчэ я абмінула, намагаючыся глядзець у адным з Вамі кірунку? Што найбольш прыцягвае Вашую ўвагу? Якія з’явы, патрэбы людзей і свету?

— Закончыць размову можна так, як робіць папа Францішак: просьбаю аб малітве. Малітва, якая мае сваю крыніцу ва ўдзячным усведамленні Божага дару, — сапраўды вялікая справа, якая даспадобы Богу. Малітва за іншых — сведчанне нашай духоўнай лучнасці, імкнення адчуваць сябе часткаю адзінай рэчаіснасці. Няхай кожная сустрэча, якая глыбока кранае нас — жывая ці віртуальная, будзе нагодаю для просьбы аб Божым благаслаўленні для нашага бліжняга.

— Цудоўнае заканчэнне вельмі цікавай размовы. Дзякуй вялікі, айцец Віктар.

Размаўляла Тэрэса Клімовіч, «Наша вера» (1/2019)